Статья опубликована в рамках: CX Международной научно-практической конференции «Актуальные проблемы юриспруденции» (Россия, г. Новосибирск, 21 сентября 2026 г.)
Наука: Юриспруденция
Секция: История государства и права России и зарубежных стран
Скачать книгу(-и): Скачать книгу
дипломов
ПРАВАВОЕ РЭГУЛЯВАННЕ АДНОСІН, ПАДОБНЫХ ДА ЎСЫНАЎЛЕННЯ, У СТАТУТАХ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА XVI СТ.
Інстытут усынаўлення (лац. adoptio – адопцыя) ў яго класічным рымска-прававым разуменні, якое прадугледжвае ўстанаўленне паміж усынавіцелем і ўсыноўленым поўнага комплексу асабістых і маёмасных правоў, аналагічных правам, што вынікаюць з кроўнага сваяцтва, не атрымаў дэталёвай рэгламентацыі ў статутным заканадаўстве Вялікага Княства Літоўскага (далей – ВКЛ) на працягу ўсяго XVI ст [3]. Аднак аналіз эвалюцыі прававых нормаў, якія змяшчаюцца ў Статутах 1529, 1566 і 1588 гг., дазваляе прасачыць паступовае фарміраванне перадумоў для прызнання фактычных адносін, падобных да ўсынаўлення, а таксама вызначыць тыя прававыя канструкцыі (апека, тастамент, легітымацыя пазашлюбных дзяцей), якія выконвалі кампенсатарную функцыю ў адносінах да адсутнага інстытута [5].
Вывучэнне інстытута ўсынаўлення па статутным заканадаўстве ВКЛ патрабуе размежавання двух аспектаў: па-першае, фармальна-юрыдычнай забароны або абмежавання адопцыі ў дачыненні да родавых маёнткаў, і па-другое, фактычнага існавання сацыяльных практык «прыняцця» дзяцей, якія паступова не атрымлівалі нарматыўнае замацаванне, але і не ў поўным аб'ёме [1]. Мэтай дадзенай працы з’яўляецца комплексны аналіз прававога рэгулявання адносін, падобных да ўсынаўлення, у трох рэдакцыях статутовага заканадаўства, выяўленне эвалюцыі адпаведных нормаў, а таксама вызначэнне месца інстытута ўсынаўлення ў сістэме сямейнага і спадчыннага права ВКЛ.
Параўнанне трох Статутаў Вялікага Княства Літоўскага дазваляе выявіць як агульныя фундаментальныя прынцыпы, так і спецыфічныя адрозненні ў падыходах да канструявання адносін, што нагадваюць адопцыю.
Найперш мэтазгодна вызначыць агульныя рысы, уласцівыя ўсім тром кадыфікацыям. Перш за ўсё, ні адзін з трох Статутаў не змяшчае інстытута ўсынаўлення (адопцыі) ў яго класічным разуменні – як акта, які спараджае поўны комплекс асабістых і маёмасных правоў, аналагічных кроўнаму сваяцтву. Рэдакцыя 1529 г. «не ведае канструкцыі добраахвотнага прыняцця асобы ў сям’ю з перадачай ёй правоў спадчынніка», а больш познія Статуты, нягледзячы на з’яўленне асобных артыкулаў аб «прыймах» у 1566 і 1588 гг., таксама не фармуюць самастойнага інстытута ўсынаўлення [4].
Па-другое, агульным для ўсіх трох помнікаў права з’яўляецца выразнае размежаванне паміж інстытутам апекі і атрыманнем спадчыны. Апякун ніколі не становіцца спадчыннікам маёмасці падапечнага, яго паўнамоцтвы носяць часовы характар. Ужо Статут 1529 г. абмяжоўвае кола спадчыннікаў выключна прамымі нашчадкамі: «Па смерці айцоў дзеці, сыны і дочкі, не павінны быць пазбаўлены маёнткаў, атрыманых у спадчыну ад бацькі і дзеда, але гэтыя маёнткі ў адпаведнасці з законам яны самі са сваімі нашчадкамі атрымліваюць у поўнае ўладанне» (раздз. 3, арт. 9) [7, с. 150]. У Статуце 1588 г. гэты ж прынцып дэталізуецца ў раздз. 6 «Аб апеках»: арт. 2 патрабуе ад апекуна вярнуць маёмасць дзецям па дасягненні паўналецця («...мае ім тыя іменні з апекі сваёй пусціці»), а арт. 10 прама забараняе «іменні дзяцей ... прадаваці або якім-небудзь спосабам утрачваці» [9]. Такім чынам, нават працяглае выхаванне чужога дзіцяці не спараджае прававых наступстваў, падобных да ўсынаўлення.
Па-трэцяе, агульным для ўсіх Статутаў з’яўляецца дапушчэнне перадачы маёмасці пабочным асобам праз аднабаковы акт – тастамент. У Статуце 1529 г. тастамент можа быць складзены на карысць «як духоўным асобам, так і свецкім» (раздз. 5, арт. 15) [7], аднак толькі ў дачыненні да рухомай маёмасці або купленага маёнтка. Статуты 1566 г. (раздз. 8, арт. 2) і 1588 г. (раздз. 8, арт. 2) таксама дазваляюць складаць тастамент на карысць любой асобы. Аднак ва ўсіх выпадках тастамент застаецца толькі распараджэннем на выпадак смерці, якое не стварае адносін узаемных асабістых правоў і абавязкаў, характэрных для ўсынаўлення. Тым больш, Статут 1529 г. спецыяльна падкрэслівае, што завяшчальнік можа адмяніць тастамент, «калі застаўся жывы», што пацвярджае яго часовы і аднабаковы характар.
Нарэшце, агульным з’яўляецца імкненне захаваць маёмасць у межах кроўна-роднаснай групы, што выяўляецца ў прынцыпе: «Ніхто нікому не павінен запісваць у спадчыну таго, чым сам не валодае» (Статут 1529 г., раздз. 5, арт. 12) [7]. Гэта правіла выключала магчымасць надзяліць «прыёмнага сына» правамі на будучую родавую маёмасць, паколькі ўсыноўлены не з’яўляўся кроўным сваяком.
Галоўнае адрозненне паміж Статутамі знаходзіцца ў ступені абмежавання распараджэння родавымі маёнткамі, што непасрэдна ўплывала на магчымасць фактычнай перадачы спадчыны пабочнай асобе.
Статут 1529 г. утрымлівае самыя жорсткія абмежаванні, паслядоўна праводзячы прынцып кроўнага сваяцтва як адзінай падставы для атрымання ў спадчыну. Ён дазваляе адчужаць толькі трэцюю частку маёнтка, ды і тое з дазволу вялікага князя або мясцовых улад: «...кожны землеўладальнік мае права толькі трэцюю частку свайго маёнтка аддаць, прадаць, падарыць і па сваім меркаванні атрымліваць з яго карысць» (раздз. 1, арт. 15) [7, с. 137]. Астатнія дзве часткі не могуць быць «ні прададзены навечна, ні аддалены ад сваякоў» (раздз. 1, арт. 16). Гэта фактычна абмяжоўвае магчымасць забяспечыць чужую асобу нерухомасцю ў аб’ёме, параўнальным са спадчыннай доляй.
Статут 1566 г. робіць рэвалюцыйны крок, часова адмаўляючыся ад жорсткага абмежавання. Арт. 1 раздз. 7 усталеўвае: «...вольна і моцна кожнаму маёнткі свае айчызныя і земскія мацярыстыя і выслужаныя купленыя і якім-небудзь звычаем набытыя... не зважаючы на трэцюю і дзве часткі, як перад тым бывала ў статуце... аддаці прадаці дараваці і запісаці... ад дзяцей і блізкіх аддаліці» [8, с. 148–149]. Аднак гэтая лібералізацыя не з’яўляецца канчатковай: ужо арт. 4 таго ж раздзела фактычна вяртае абмежаванне, дазваляючы «толькі трэцюю часткай маёнтка айчызнага вольна яму на вечнасць прадаці» [8, с. 150] і захоўваючы для кроўных сваякоў пераважнае права выкупу закладзенай маёмасці. Адначасова Статут 1566 г. упершыню выразна дыферэнцыруе прававы рэжым родавых і набытых маёнткаў: у дачыненні да купленых і выслужаных дапускаецца поўная свабода адчужэння нават на карысць «абчага» (чужаземца) без усялякага «менавання трэцяй часткі» (раздз. 7, арт. 5) [8, с. 150–151].
Статут 1588 г. замацоўвае кампрамісны варыянт і дэманструе найбольш дасканалую рэгламентацыю. З аднаго боку, ён дэкларуе шырокую свабоду: «Усім станам шляхецкага народу... вольна ёсць і будзе іменні свае айчызнымі, мацярыстымі і якім жа кольвек звычаем набытымі шафаваці... аддаці, прадаці, дараваці, запісаці...» (раздз. 3, арт. 33) [9]. З другога — канчаткова фармулюе дыферэнцыраваны рэжым: «Устаўляем, хто бы хацеў іменне сваё айчызнае прадаці на вечнасць; тагды толькі трэцюю частку імення айчызнага вольна яму на вечнасць прадаці, а дзве часці таго ж імення ў суме заставіці» (раздз. 7, арт. 4) [9], матывуючы гэта неабходнасцю захавання маёмасці «для сваякоў». Пры гэтым дабранабытыя маёнткі знаходзяцца ў іншым прававым рэжыме: «кожнаму будзе вольна іменне сваё куплю і выслугу аддаці і прадаці і каму хочучы запісаці, бы тэж каму і абчаму, ад дзяцей і блізкіх сваіх усё не менуючы трэцяй часці» (раздз. 7, арт. 5) [9]. Такім чынам, Статут 1588 г. не вяртаецца да рыгарызму 1529 г., але і не прымае радыкальную лібералізацыю 1566 г., ствараючы больш вытанчаную сістэму абароны родавай маёмасці.
Такім чынам, адсутнасць інстытута ўсынаўлення ва ўсіх трох Статутах ВКЛ тлумачыцца некалькімі фундаментальнымі прынцыпамі: прынцыпам кроўнага сваяцтва як адзінай падставы для атрымання ў спадчыну родавых маёнткаў; забаронай на адчужэнне дзвюх трэціх спадчыннага маёнтка на карысць трэціх асоб; а таксама выразным размежаваннем паміж апекай і атрыманнем спадчыны, пры якім апякун ніколі не становіцца спадчыннікам. Нягледзячы на часовую лібералізацыю ў Статуце 1566 г. і з’яўленне альтэрнатыўных механізмаў (тастамент, поўнае распараджэнне набытай маёмасцю), прыярытэт кроўнага сваяцтва пры атрыманні ў спадчыну менавіта родавых зямель заставаўся непахісным прынцыпам феадальнага права ВКЛ. Рэгуляванне сямейных і спадчынных адносін ва ўсіх Статутах накіравана выключна на захаванне маёмасці ў рамках кроўна-роднаснай групы, а перадача маёмасці не сваякам магчымая толькі ў строга абмежаваных межах.
Інстытут усынаўлення як самастойная прававая канструкцыя застаўся невядомы статутнаму праву ВКЛ нават у яго канчатковай рэдакцыі 1588 г.
Параўнанне інстытута ўсынаўлення, замацаванага ў статутах ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гг., з нормамі сучаснага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і (далей – КАбШС) паказвае фундаментальнае адрозненне ў прававой прыродзе, мэтах і механізмах гэтага інстытута. У аснове статутнага права ляжаў прынцып захавання і памнажэння маёмасці роду («айчызны») пры дамінаванні кроўнага сваяцтва як адзінай легітымнай падставы для атрымання спадчыны, тады як сучаснае сямейнае заканадаўства выходзіць з прыярытэту абароны правоў і інтарэсаў дзіцяці, разглядаючы ўсынаўленне як прыярытэтную форму ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Статуты ВКЛ не вылучалі ўсынаўленне ў самастойны прававы інстытут. У адрозненне ад сучаснага КАбШС, дзе ўсынаўленне вызначаецца як прыярытэтная форма ўладкавання дзяцей-сірот (арт. 120), мэтай якога з’яўляецца забеспячэнне для дзіцяці права жыць і выхоўвацца ў сям’і, статутнае права разглядала перадачу маёмасці не сваяку або выхаванцу не як акт стварэння сям’і, а як механізм захавання родавай маёмасці. Тастамент, дараванне, апека – вось тыя юрыдычныя канструкцыі, якія функцыянальна замяшчалі ўсынаўленне, але не спараджалі поўнага комплексу асабістых і маёмасных правоў, аналагічных правам кроўных сваякоў.
Сучасны КАбШС, наадварот, устанаўлівае, што ўсынаўленне спараджае поўны комплекс асабістых правоў (права на прозвішча, абавязак выхоўваць) і маёмасных правоў (атрыманне спадчыны). Закон гарантуе таямніцу ўсынаўлення (арт. 136), што было немагчыма ў саслоўным грамадстве ВКЛ. Абавязковая розніца ва ўзросце паміж усынавіцелем і ўсыноўленым – не менш за 16 гадоў (арт. 126), а таксама патрабуецца згода дзіцяці, якое дасягнула 10 гадоў, і яго бацькоў (арт. 127, арт. 130) [6].
Статутнае права насіла ярка выражаны саслоўны характар. Перш за ўсё правам распараджацца маёмасцю валодала шляхта, а мяшчане і сяляне мелі абмежаваныя правы. Нешляхціч не мог усынавіць шляхціча з перадачай правоў стану. Сучасны КАбШС, наадварот, устанаўлівае, што ўсынавіцелямі могуць быць паўналетнія дзеяздольныя асобы абодвух палоў, пры гэтым маёмасны цэнз адсутнічае. Закон утрымлівае забарону на ўсынаўленне для асоб, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, якія маюць судзімасць, а таксама для асоб, якія не маюць дастатковага даходу для забеспячэння дзіцяці (арт. 125 КАбШС) [6].
Статутнае права праводзіла прынцыповае адрозненне паміж родавай («дзедзіны добрыя») і дабранабытай («купляніны») маёмасцю. Сучасны КАбШС і Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей – ГК) устанаўліваюць, што ўсыноўленыя прыраўноўваюцца ў правах да кроўных дзяцей. Яны атрымліваюць у спадчыну пасля ўсынавіцеляў, а ўсынавіцелі – пасля іх нароўні з кроўнымі сваякамі (арт. 1056 ГК) [2]. Маёмасць не дзеліцца на «родавую» і «дабранабытую».
Такім чынам, статуты ВКЛ рэгулявалі не сямейныя адносіны як такія, а выключна маёмасны трансфер. «Прыймак» (прыёмыш) быў хутчэй контрагентам па дагаворы, чым сынам, і яго прававое становішча вызначалася ўмовамі дагавора або тастамента, але не нормамі аб усынаўленні. Сучасны Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, наадварот, рэгулюе асабістыя немаёмасныя адносіны, разглядаючы ўсынаўленне як спосаб даць дзіцяці сям’ю, а не як спосаб захаваць дваранскае іменне ад драбнення і страты. Гэтае адрозненне адлюстроўвае змену фундаментальнай прававой парадыгмы: ад абароны рэчы (імення) да абароны асобы (дзіцяці). Калі статутнае права было накіравана на захаванне маёмасці ў коле кроўна-роднаснай групы, то сучаснае права зыходзіць з прынцыпу прыярытэту інтарэсаў дзіцяці, для якога ўсынаўленне з’яўляецца найбольш пераважнай формай сямейнага ўладкавання, незалежна ад маёмаснага становішча і саслоўнай прыналежнасці ўсынавіцеля.
Спіс літаратуры:
- Голубева, Л.Л. Спадчыннае права феадальнай Беларусі (па заканадаўству Вялікага княства Літоўскага): вучэб. дапаможнік. – Мінск: ФУСТ БДУ, 2002.
- Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь [Электронны рэсурс]. – URL: https://pravo.by/webnpa/text.asp?RN=hk9800218 (дата звароту: 23.05.2026)
- Дзербіна, Г.В. Права і сям’я ў Беларусі эпохі Рэнесансу. – Мінск: Тэхналогія, 1997. – 175 с.
- Дзербіна, Г.В. Статуты Вялікага княства Літоўскага як праява прававой культуры Рэнесансу // Нацыянальныя пытанні: матэрыялы ІІІ Міжнар. Кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый», (Мінск, 21–25 мая, 4–7 снеж. 2000 г.) / рэдкал. Э. Дубянецкі [і інш.]. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2001. – С. 127 – 137.
- Доўнар, Т.І. Крыніцы права Беларусі перыяду Вялікага княства Літоўскага //Веснік ГрДУ імя Я. Купалы. Сер. 4, Правазнаўства. – 2008. – № 1. – С. 29 – 32.
- Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і [Электронны рэсурс]. – URL: https://pravo.by/document/?guid=3961&p0=HK9900278 (дата звароту: 23.05.2026).
- Статут ВКЛ (Вялікага княства літоўскага) 1529 года [Электронны рэсурс]. – URL: https://study.shmat.by/statut-vkl-velikogo-knyazhestva-litovskogo-1529/ (дата звароту: 21.05.2026).
- Статут ВКЛ (Вялікага княства літоўскага) 1566 года [Электронны рэсурс]. – URL: https://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/statuty-vyalikaga-knyastva-lito-skaga/statut-1566-goda/ (дата звароту: 21.05.2026).
- Статут ВКЛ (Вялікага княства літоўскага) 1588 года [Электронны рэсурс]. – URL: https://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/statuty-vyalikaga-knyastva-lito-skaga/statut-1588-goda/ (дата звароту: 22.05.2026).
дипломов

